Швед: распрацоўкі беларускіх вучоных дапамаглі знайсці раней невядомыя месцы пахаванняў ахвяр генацыду
Андрэй Швед
7 верасня, Мінскі раён . Распрацоўкі беларускіх вучоных дапамаглі знайці раней невядомыя месцы пахаванняў ахвяр генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб гэтым заявіў журналістам генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед,
Прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, Андрэй Швед і міністр абароны Віктар Хрэнін сёння наведалі раней невядомыя месцы масавага забойства і пахавання мірных жыхароў і ваеннапалонных ва ўрочышчы Уручча Мінскага раёна, устаноўленых у ходзе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.
«Гісторыя пошукаў такая: за аснову браўся архіўны дакумент — акт Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая была створана ў 1944 годзе і займалася ў тым ліку падрыхтоўкай матэрыялаў для Нюрнбергскага працэсу. Былі выяўлены першыя некалькі ям-пахаванняў, але потым мы доўга не маглі знайсці ні адну з ям. Затым у пошуках дапамог мясцовы жахар-відавочца. Потым больш за год праводзіліся пошукавыя работы, але безвынікова. Толькі прымяненне новага праграмнага комплексу беларускіх вучоных дало магчымасць з высокай дакладнасцю вызначыць раней невядомыя месцы пахаванняў», — сказаў Андрэй Швед.
Размова ідзе аб інфрачырвоным сканіраванні зямнога пакрыцця з выкарыстаннем квадракоптара. Яго правялі ў ліпені 2023 года пракуратура Мінскай вобласці сумесна з пракурорскімі работнікамі Генеральнай пракуратуры з прыцягненнем спецыялістаў і абсталявання Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў раёне палігона 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады паблізу вёскі Копішча. У выніку ў жніўні бягучага года ў лясным масіве паблізу палігона выяўлена чарговая яма-магіла памерамі 10х5 м. Акрамя астанкаў людзей, у яме знойдзены кулі і гільзы да агнястрэльнай зброі, што знаходзілася на ўзбраенні Вермахта, а таксама асабістыя рэчы забітых. Далей былі выяўлены яшчэ дзве ямы-магілы.
Усяго з 2021 года на тэрыторыі гэтага ляснога масіву выяўлена 13 ям-магіл, з іх 11 — у 2023 годзе. Пры гэтым аб шасці ямах-магілах раней адсутнічалі якія-небудзь звесткі. Аднак дзякуючы расследаванню крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа ўдалося ўстанавіць іх месцазнаходжанне.
«Гэта месца сведчыць аб маштабах рэальнай трагедыі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Раней было вядома аб агульнай колькасці забітых тут мірных грамадзян і ваеннапалонных — не менш за 57 тыс. чалавек. Прымяніўшы распрацоўкі беларускіх вучоных, мы змаглі выявіць яшчэ больш месцаў пахаванняў. Магчыма, 13 ям-магіл — не канчатковая сумная лічба», — адзначыў генеральны пракурор.