Культура

Праект да 100-годдзя першага выдання «Новай зямлі» Коласа прадставілі ў Маскве

8 верасня, Масква /Эдуард Півавар . Экспазіцыйны праект «Зямля Якуба Коласа» прадставіў 7 верасня ў Маскве ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства Беларусі ў Расіі Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Ён прысвечаны 100-годдзю першага выдання паэмы «Новая зямля»,

«Мы прэзентуем факсіміле першага выдання паэмы, якое зусім дакладна паказвае, якую кнігу трымаў у руках Якуб Колас 100 гадоў таму, калі яна выйшла з друку, — расказала дырэктар музея Ірына Мацяс. — Мы прывезлі таксама ілюстрацыі Васіля Шаранговіча, якія ён, вядома ж, рабіў пазней, да другога выдання. Каб узбагаціць гэту выстаўку, мы вырашылі дапоўніць яе фотапартрэтамі Якуба Коласа: прадстаўлена 30 фатаграфій з фондаў нашага музея, якія адлюстроўваюць найбольш важныя вехі жыцця класіка. У іх ліку адна з яго першых фатаграфій, калі ён стаў настаўнікам, фатаграфія, калі ён атрымаў пасаду віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, і многія іншыя. Фатаграфіі суправаджаюцца цытатамі з твораў Якуба Коласа і яго выказваннямі, якія сёння можна ўспрымаць як жыццёвыя матыватары».

Для наведвальнікаў выстаўкі яе арганізатары падрыхтавалі спецыяльныя паштоўкі з ілюстрацыямі Васіля Шаранговіча, на абароце якіх надрукаваны ўрыўкі з паэмы «Новая зямля».

Музей ужо не першы раз прывозіць свае выстаўкі ў Маскву, і, паводле слоў дырэктара музея, яны заўсёды выклікаюць цікавасць у расіян. «Якуб Колас бываў у Маскве не аднойчы, ён дружыў з многімі рускімі пісьменнікамі, дапамагаў Ганне Ахматавай у час эвакуацыі ў Ташкенце. Вельмі шмат ёсць такіх нюансаў, сувязей, дзе Якуб Колас выступаў як анёл-ахоўнік некаторых рускіх літаратараў. У многіх пісьменнікаў захаваліся кнігі з аўтографамі Якуба Коласа. Многія прадметы, звязаныя з ім, усплываюць у Маскве, і мы стараемся іх вярнуць у Мінск», — дадала Ірына Мацяс.

Дапаўненнем гэтага вечара ў Дзелавым і культурным комплексе пасольства стаў паказ спектакля «Гульня ў джын» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра Якуба Коласа.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»