Перасовачная выстава і сумесныя чытанні. Якія праекты рэалізуюцца ў музеі Купалы ў Татарстане
Фота з архіва
12 верасня, Мінск . Загадчыца музея Янкі Купалы ў вёсцы Пячышчы (філіял Нацыянальнага музея Рэспублікі Татарстан) Рыма Абызава ў час адкрыцця выставы ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы расказала, якія праекты рэалізуюцца ў іх установе,
«Наш музей створаны яшчэ ў далёкім 1975 годзе. У Татарстане мы папулярызуем творчасць вялікага песняра беларускай зямлі. Зразумела, мы стараемся ствараць і сумесныя праекты з татарскімі музеямі. Адзін з іх называецца «Два жыцця. Два лёсы» разам з музеем-кватэрай татарскага паэта і Героя Савецкага Саюза Мусы Джаліля. Ужо некалькі гадоў мы папулярызуем праект «Любі свой край, як Купала і Тукай». Габдула Тукай з’яўляецца татарскім народным паэтам. На нашай зямлі мы стараемся зрабіць сумесныя праекты. У нашым музеі праходзіць шмат акцый. Напрыклад, «Чытаем Купалу разам», дзе нашы госці знаёмяцца з творчасцю беларускага паэта, творы якога перакладзены больш як на 100 моў свету. Мы стараемся, каб у нашым музеі гучала не толькі беларуская, але і мовы іншых народаў», — адзначыла Рыма Абызава.
«Прэзентацыя перасовачнай выставы «Тут усякая рэч, як гавора з табой…», якую мы зрабілі сумесна з беларускім музеем Янкі Купалы, адбылася 1 красавіка і была прымеркавана да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі, які вельмі шырока і ўрачыста святкуецца ў нас у Доме дружбы. Ідэя гэтага выставачнага праекта: паказаць сусветнае значэнне класіка беларускай літаратуры. Яна разлічанана шырокую аўдыторыю», — дадала Рыма Абызава.
Паводле яе слоў, у стварэнні выставы выкарыстоўваліся фотадакументы двух музеяў, а таксама сучасныя тэхналогіі. Выстава прысвечана знаходжанню народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ў Татарстане, дзе ён жыў у эвакуацыі ў час вайны.