Мінск і Віцебская вобласць будуць сумесна распрацоўваць і рэалізоўваць інавацыйныя праекты
Фота прэс-службы Міністэрства эканомікі
7 верасня, Мінск . Сёння адбылося падпісанне пагаднення аб узаемным супрацоўніцтве паміж КУП «Мінскзнешгандальінвест» і базавым цэнтрам падтрымкі прадпрымальніцтва — ККУП «Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу», паведамілі ў прэс-службе Міністэрства эканомікі.
Дакумент нацэлены на фарміраванне спрыяльнага бізнес-асяроддзя ў рэгіёнах. Плануецца сумесная распрацоўка, рэалізацыя і пашырэнне інавацыйных і партнёрскіх праектаў, інфармацыйнае ўзаемадзеянне, аказанне ўзаемных паслуг, вырашэнне інвестыцыйных пытанняў і шэраг іншых мер, ажыццяўленне якіх дасць магчымасць ініцыятыўным беларусам рэалізаваць свой дзелавы патэнцыял на карысць краіны.
Як адзначыла ў сваім прывітальным слове намеснік міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч, сёння праводзіцца вялікая работа па стварэнні ўмоў для актывізацыі прадпрымальніцкай ініцыятывы і раскрыцця патэнцыялу, які маюць прадпрыемствы. «Цяпер адной з важнейшых задач з’яўляецца развіццё кааперацыйных ланцужкоў. Упэўнена, што падпісанне пагаднення стане дадатковым імпульсам у наладжванні новых кааперацыйных сувязей паміж прадпрыемствамі Мінска і Віцебшчыны. А напрацаваны вопыт у пашырэнні ўзаемадзеяння паміж суб’ектамі прадпрымальніцкай дзейнасці будзе паспяхова маштабаваны і на іншыя рэгіёны краіны», — падкрэсліла намеснік кіраўніка эканамічнага ведамства.