Меркаванне: Дзень народнага адзінства падкрэслівае самадастатковасць беларускай нацыі
Фота з архіва
14 верасня, Мінск . Дзень народнага адзінства падкрэслівае самадастатковасць беларускай нацыі. Такое меркаванне выказала дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая.
Для Валожынскага раёна гэта асаблівае свята — у 1921-1939 гадах частка яго тэрыторыі ўваходзіла ў склад Польшчы. У музеі да памятнай даты аб’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі падрыхтавалі тэматычную экспазіцыю, якая расказвае пра той час. Таксама супрацоўнікі ўстановы ўдзельнічаюць у дыялогавых пляцоўках у школах і гімназіі. Невялікую прэзентацыю «аб польскім часе» прадставяць у кінатэатры «Юнацтва» перад прэм’ерным паказам фільма «На другім беразе».
Наталля Лоўчая лічыць, што кожная гістарычная падзея ўплывае на лёс народаў, іх культуру і менталітэт. Беларускі народ у 1921 годзе па ўмовах Рыжскага мірнага дагавора быў падзелены супраць волі. Мяжа праходзіла ў раёне старой дарогі Ракаў — Мінск. Польская ўлада па дагаворы павінна была прадаставіць насельніцтву роўныя правы, якія забяспечвалі б свабоднае развіццё культуры, мовы і захаванне рэлігійных абрадаў.
«Але абавязацельствы не выконваліся. Праводзілася палітыка паланізацыі, праяўлялася рэлігійная нецярпімасць, зачыняліся беларускія школы і гімназіі. Пагоршылася становішча рабочых. На Валожыншчыне для 85 працэнтаў насельніцтва крыніцай заработку была сельская гаспадарка. Бедныя сяляне вымушаны былі працаваць за мізэрную плату», — адзначыла Наталля Лоўчая.
Паводле яе слоў, ужо з 1921 года ў Заходняй Беларусі стаў дзейнічаць партызанскі рух. У захаваных сакрэтных дакументах гаворыцца, што большасць насельніцтва выказвала нездаволенасць польскай уладай, на прадпрыемствах праводзіліся забастоўкі.
У сярэдзіне 1939 года знешнепалітычнае становішча Польшчы рэзка змянілася — паміж СССР і Германіяй быў падпісаны пакт аб ненападзенні, які быў дапоўнены сакрэтнымі пратаколамі, што прадугледжвалі падзел тэрыторыі на сферы ўплыву. Савецкая армія 17 верасня пачала вызваленчы паход у Заходнюю Беларусь.
«У гэты дзень быў вызвалены Валожын. У горадзе прайшоў мітынг, дзе рабочыя і сяляне дзякавалі за вызваленне ад прыгнёту. Ва ўспамінах удзельнікі тых падзей адзначаюць, што насельніцтва іх сустракала кветкамі. Усюды частавалі фруктамі, малаком, клікалі ў госці. Салдаты былі ўражаны беднасцю і галечай мястэчка. Сустракаліся толькі адзінкавыя мураваныя пабудовы — адны саламяныя дахі. Да Валожына вялі вузкія, дрэнныя дарогі. Асноўным транспартам былі веласіпед і конь. І мужчыны, і жанчыны былі апрануты ў даматканае адзенне. Пераважала непісьменнасць», — расказала дырэктар музея.
Пасля вызвалення Валожына пачалося другое жыццё. Былі нацыяналізаваны прамысловыя прадпрыемствы, ліквідавана памешчыцкае землеўладанне, уведзена бясплатнае медабслугоўванне, адкрыты сямігадовыя і пачатковыя школы. Сяляне сталі аб’ядноўвацца ў калгасы. Аднаму з іх было прысвоена імя «17 Верасня». Таксама ў гонар знамянальнай даты названа адна з вуліц Валожына.
«Аб’яднанне беларускай нацыі мела вялікае гістарычнае і палітычнае значэнне, — лічыць Наталля Лоўчая. — Галоўнае тое, што практычна ўсё насельніцтва беларускага этнасу атрымала магчымасць жыць разам, сумесна адстойваць свае інтарэсы. Гэта дата — 17 верасня — стала важнейшым крокам да незалежнасці Беларусі. Адзінства дало магчымасць выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны. Аб’яўленне Дня народнага адзінства падкрэслівае пераемнасць пакаленняў, самадастатковай беларускай нацыі, дзяржаўнасці».
У фондах музея захоўваюцца арыгіналы і копіі дакументаў тых гадоў. Па іх матэрыялах супрацоўнікі падрыхтавалі відэапрэзентацыю «На шляху да адзінства».
Часовая экспазіцыя «На шляху да адзінства» ў Валожынскім музеі дзейнічае па 30 верасня. На ёй прадстаўлены дакументы і прадметы, якія пацвярджаюць насільную паланізацыю нашых продкаў. Прадстаўленыя матэрыялы з’яўляюцца доказам таго, што насельніцтва Заходняй Беларусі, у тым ліку Валожынскага раёна, з 1921 па 1939 год было абмежавана ў сваіх палітычных, эканамічных правах і свабодах, а таксама не мела магчымасці атрымліваць адукацыю на сваёй роднай мове.