Лукашэнка расказаў чыноўнікам, як зрабіць нармальны падручнік для школы
21 верасня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка даручыў Міністэрству адукацыі дапрацаваць школьныя падручнікі. Адпаведную заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў, падводзячы вынікі нарады па пытаннях удасканалення адукацыйнай сферы,
Прэзідэнт перакананы, што для стварэння якаснага падручніка на першым месцы стаіць зусім не пытанне фінансавання, а перш за ўсё — правільнага падбору аўтарскага калектыву. «Я не зусім успрымаю, калі кажуць: вось, патрэбны грошы на гэта. Вось калі б вы папрасілі Ігара Марзалюка (дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена-карэспандэнта НАН. — Заўвага ): «Збяры дзяцей і прайдзіся па падручніках гісторыі». Марзалюк вам гэта зрабіў бы за адзін месяц, і людзей падабраў бы, і сказаў бы, што тут і тут трэба шліфануць. Заключэнне атрымалі б нашых людзей, патрыятычных, дасведчаных, разумных, якія разумеюць палітыку, і яны вам шліфанулі б гэтыя падручнікі. І мы зрабілі б сапраўдны падручнік, ікону. Бярэш — і прыемна ў рукі ўзяць», — прывёў прыклад пабудовы работы Аляксандр Лукашэнка.
Аднак пакуль, на думку Прэзідэнта, якасць некаторых падручнікаў пакідае жадаць лепшага, у асобных выпадках «трэба павелічальнае шкло на лоб павесіць для таго, каб убачыць, што там напісана». «Хіба гэта падручнік? Не трэба на падручнікі шкадаваць грошы», — арыентаваў ён, падкрэсліўшы, што выданні павінны быць прыгожымі, на добрай паперы, тым больш што друкуюцца яны не на адзін год. «Вы лепш ведаеце, што рабіць з падручнікамі. Зрабіце нармальны падручнік. Не трэба бюракратызаваць гэту работу, не трэба адцягваць і эксперыменты праводзіць. Вазьміце ўсе падручнікі, якія мы з вамі прайшлі, пачынаючы з савецкіх часоў, і зрабіце добры падручнік», — сказаў беларускі лідар.
Важна, каб да гэтай работы былі прыцягнуты настаўнікі, якія працуюць са школьнікамі, а не акадэмікі, перакананы Прэзідэнт. «Яны (акадэмікі. — Заўвага ) на сваім узроўні, у «космасе» па ведах, вопыце і іншым. Яны адарваліся ад вучняў і думаюць, што і вучні ўжо такія. Не. Таму я заўсёды зазямляю на настаўнікаў», — растлумачыў сваю думку Аляксандр Лукашэнка.
У першую чаргу неабходнасць дапрацоўкі актуальная для падручнікаў па гуманітарных дысцыплінах. «Што новага па фізіцы, матэматыцы прыдумаеце? Толькі наламаеце дроў і нахамутаеце столькі праблем, што ні бацькі, ні дзеці, ні нават настаўнікі часта не разумеюць, што ў гэтым падручніку», — сказаў Прэзідэнт.
У сваю чаргу Ігар Марзалюк, які прысутнічаў на нарадзе, адзначыў, што работа па падручніках вядзецца, у тым ліку з яго асабістым удзелам: «Падручнікі выпраўляем, у тым ліку ў адпаведнасці з патрабаваннямі апошніх гадоў. Гэта работа вядзецца».
Рэзюмаваўшы сказанае па тэме, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў: «Мы па падручніках дамовіліся: зрабіце нармальны падручнік і прынясіце, пакажыце мне яго».