Гурскі: Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук пашыраецца і дапамагае вучоным кансалідаваць намаганні
Васіль Гурскі. Фота НАН Беларусі
13 верасня, Мінск . Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук пашыраецца і дапамагае вучоным кансалідаваць намаганні. Аб гэтым заявіў галоўны вучоны сакратар Нацыянальнай акадэміі навук Васіль Гурскі напярэдадні 30-годдзя асацыяцыі,
«Кіраўнік дзяржавы пастаянна арыентуе нас на бесперапыннае пашырэнне і паглыбленне міжнароднага супрацоўніцтва, у тым ліку ў частцы навукова-тэхнічнага ўзаемадзеяння. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі развіваецца як буйны міжнародны навуковы цэнтр. Мы супрацоўнічаем з калегамі з больш як 85 краін. Пастаянна ідзе рост экспарту навукова-тэхнічнай прадукцыі. Супрацоўніцтва адбываецца на ўсіх узроўнях: вучоныя ездзяць на канферэнцыі, выступаюць з дакладамі, устанаўліваюць сувязі, навуковыя арганізацыі заключаюць дагаворы, рэалізуюць сумесныя праекты. Развіваюць узаемадзеянне і ў цэлым Акадэміі навук», — сказаў Васіль Гурскі.
Асноўнай формай міжакадэмічнага супрацоўніцтва для Беларусі стала Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук, якая ўключае прадстаўнікоў з больш як 20 краін. «У мінулым годзе ў Маскве адбылося 35-е пасяджэнне Савета МААН. Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў быў аднагалосна перавыбраны кіраўніком асацыяцыі. НАН Беларусі з’яўляецца базавай арганізацыяй МААН ужо другую пяцігодку. Менавіта таму юбілей (30-годдзе асацыяцыі) і 36-е пасяджэнне Савета МААН будзе праходзіць менавіта ў Мінску», — адзначыў галоўны вучоны сакратар.
Пасяджэнне пройдзе 21 верасня, у ім прымуць удзел прадстаўнікі Беларусі, Азербайджана, Арменіі, В’етнама, Казахстана, Кітая, Кыргызстана, Манголіі, Расіі, Таджыкістана і Узбекістана. Акрамя іншага, шэраг рашэнняў будзе прыняты па навуковых саветах МААН. Прапануецца стварыць дадаткова навуковы савет па перспектыўных напрамках атамнай энергетыкі і энергетычнай бяспекі, а таксама навуковы савет па развіцці адукацыі.
Міжнародная асацыяцыя акадэмій навук прызначана кансалідаваць намаганні ўсіх навуковых арганізацый, якія ўваходзяць у яе. «Асноўнай ідэяй фарміравання такой буйной міжнароднай асацыяцыі было адраджэнне Акадэміі навук СССР і аднаўленне плённых навуковых сувязей. Таму ядром МААН сталі краіны СНД. Аднак асацыяцыя вельмі хутка перарасла межы постсавецкай прасторы. Падключыліся Кітай, Манголія, Чарнагорыя, В’етнам. На 36-м пасяджэнні плануецца прыняцце ў члены МААН Кубінскай акадэміі навук. Такім чынам, асацыяцыя пераступае праз акіян, аб’ядноўваючы навуковыя цэнтры з Усходняга і Заходняга паўшар’яў. Гэта вельмі знамянальна і сведчыць аб тым, што навуковыя арганізацыі бачаць вялікую карысць у асацыяцыі», — звярнуў увагу Васіль Гурскі.
Намеснік кіраўніка Міжнароднай асацыяцыі акадэмій навук акадэмік НАН Беларусі Пётр Віцязь падкрэсліў, што навука не мае меж і дапамагае ўстанаўліваць сувязі паміж народамі, аб’ядноўваць намаганні. «Мы зацікаўлены ў далейшым пашырэнні МААН. Запрашаем краіны ШАС, БРІКС да ўдзелу. Што датычыцца еўрапейскіх і амерыканскіх акадэмій навук, яны пакуль устрымліваюцца ад узаемадзеяння, але мы адкрытыя для дыялогу і абмену думкамі», — заявіў ён.
Пётр Віцязь таксама адзначыў важнасць адукацыі і маладзёжнага супрацоўніцтва ў навуцы. Так, 20 верасня пройдзе пасяджэнне Савета маладых вучоных МААН.