Гомельскі аблдрамтэатр закрые сезон прэм’ерай «Нос маёра Кавалёва» паводле аповесці Гогаля
Фота Гомельскага абласнога драматычнага тэатра
28 ліпеня, Гомель . Трупа Гомельскага абласнога драматычнага тэатра прадставіць гамяльчанам і гасцям горада прэм’еру «Нос маёра Кавалёва» паводле аповесці Мікалая Гогаля «Нос», паведамілі БЕЛТА ў дзяржаўнай установе.
Маленькі чалавек з вялікімі, неабгрунтаванымі амбіцыямі — такая тэма гогалеўскай аповесці «Нос», сцэнічную версію якой прадстаўляе Гомельскі аблдрамтэатр. Аднойчы цырульнік у булцы свежага хлеба знайшоў нечаканую начынку. У якасці дадатку да рэцэпта — нос калежскага асэсара Кавалёва, які часта карыстаўся паслугамі цырульніка. «Незразумела, як гаспадар пазбавіўся такой важнай часткі свайго твару, але толькі нос, які атрымаў нечаканую свабоду, зусім расперазаўся — абзавёўся мундзірам, ды ў высокім чыне стаў з’яўляцца ў свецкім грамадстве», — расказалі ў тэатры. І як Платон Кавалёў, які для значнасці называе сябе маёрам, справіцца з такім стратамі, ці верне ўцекача назад? Адказ на гэта пытанне гледачы даведаюцца, паглядзеўшы спектакль.
Над спектаклем працуе каманда з Санкт-Пецярбурга — рэжысёр-пастаноўшчык і аўтар інсцэніроўкі — галоўны рэжысёр Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага тэатра «Майстэрня» пад кіраўніцтвам Р.М. Казлова Раман Габрыя, мастак па святле — Максім Ахрамееў — разам з галоўным мастаком Гомельскага аблдрамтэатра Таццянай Стысінай. У пастаноўцы заняты артысты аблдрамтэатра Вера Грыцкевіч, Сяргей Юрэвіч, Юрый Марціновіч, Дзмітрый Папчанка і Сяргей Лагуценка.
Прэм’ерныя паказы пройдуць 29 і 30 ліпеня. 30 ліпеня пасля заканчэння спектакля адбудзецца цырымонія завяршэння 84-га тэатральнага сезона. Усе акцёры тэатра паднімуцца на родную сцэну, каб развітацца з гледачамі да верасня і сказаць усім разам фінальную традыцыйную рэпліку сезона: «Усё!»