«Атрымаць сур’ёзны эканамічны эфект». Галоўчанка аб рэалізацыі праграмы па будаўніцтве МТК
15 верасня, Магілёўскі раён . Праграме па будаўніцтве малочнатаварных комплексаў удзяляецца вялікая ўвага, паколькі плануецца атрымаць сур’ёзны эканамічны эфект. Аб гэтым журналістам расказаў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ў час рабочага візіту ў Магілёўскую вобласць,
Раман Галоўчанка закрануў тэму мадэрнізацыі малочнай жывёлагадоўлі ў краіне. У бягучым і наступных гадах для гэтага па ўказе Прэзідэнта запланавана будаўніцтва новых малочнатаварных комплексаў (МТК) па ўсёй краіне — у кожным рэгіёне з’явіцца па дзесяць такіх аб’ектаў. У Магілёўскай вобласці чатыры новыя МТК пабудуюць у Магілёўскім раёне, тры — у Кіраўскім, два — у Бабруйскім, адзін — у Горацкім. Прэм’ер-міністр пабываў на будаўніцтве аднаго з іх у ААТ «Цішоўка». Аб’ект разлічаны на 600 галоў дойнага статка і размешчаны паблізу вёскі Савасцянавічы. Ён будуецца за кошт уласных сродкаў і крэдытных рэсурсаў. Інвестпраект будзе рэалізаваны ў чэрвені 2024 года. Укамплектаваць яго плануецца ў 2025 годзе за кошт уласнага пагалоўя.
Паводле слоў Рамана Галоўчанкі, праграма будаўніцтва новых комплексаў вельмі строгая, як і патрабаванні самога ўказа. І гэта апраўдана — важна, каб да рэалізацыі гэтых праектаў быў максімальна адказны падыход без права на паслабленне.
«Распрацоўка ўказа і падыход да праграмы быў строгі: пабудаваць аб’екты трэба да канца 2024 года, поўнасцю ўкамплектаваць на працягу года жывёлай і персаналам, забяспечыць пэўны ўзровень надою малака, — адзначыў ён. — Для таго каб гэтыя праекты былі эфектыўнымі з пункту гледжання эканомікі і далі неабходную дабаўленую вартасць, разліковы тэрмін іх акупнасці складае 6-7 гадоў. Таму да гэтай праграмы вялікая ўвага, зверка па кожным аб’екце праходзіць штомесяц. Кожны з іх на кантролі ў аблвыканкаме, Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання, урадзе».
Прэм’ер-міністр адзначыў, што цяпер праведзена адна з самых складаных стадый работы: практычна па ўсіх фермах распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя і пройдзена дзяржаўная экспертыза. З 60 аб’ектаў 58 ужо маюць дакументацыю, 56 прайшлі экспертызу і, адпаведна, пачалося іх будаўніцтва.
«Тут спалучаецца строгі кантроль са стварэннем умоў, у тым ліку фінансава прывабных, каб усе праекты былі рэалізаваны ў тэрмін і мы атрымалі сур’ёзны эканамічны эфект па выхадзе малака высокай таварнасці», — падкрэсліў ён.