Культура

Адданасць персанажам і складанасці з нямецкай мовай. Як у Мінску праходзяць здымкі фільма «Казбек»


Фота з архіва

20 ліпеня, Мінск . «Беларусьфільм» прадаўжае работу над ваенна-гістарычнай драмай пад рабочай назвай «Казбек», якая расказвае аб проціборстве савецкіх партызан і нямецка-фашысцкіх захопнікаў, аперацыі «Баграціён» і жыцці беларусаў пад акупацыяй. Карэспандэнт БЕЛТА пабывала на здымках фільма і даведалася, што думае аб праекце рэжысёр і з якімі складанасцямі сутыкнуліся акцёры.

«Мы ствараем фільм пра маленькага чалавека, беларускага хлопца, з дапамогай якога аперацыя «Баграціён» адбылася. У нашым фільме беларускія партызаны знайшлі праход у балоце і зрабілі на ім мост з бярвення, па якім савецкія войскі прайшлі ў тыл немцаў. Гэта ў першую чаргу мастацкі, а не гістарычны твор, і мы робім акцэнт на тым, што просты беларускі хлопец, які марыць будаваць масты, раптам прыдумвае, як выбрацца са складанай сітуацыі і ажыццявіць дванаццатае наступленне на лінію абароны «Пантэра». Бо, як вядома, менавіта гэта наступленне, якое пачалося 23 чэрвеня 1944-га, было паспяховым», — расказаў рэжысёр фільма Іван Паўлаў.

«Я шчаслівы чалавек, паколькі думаю пра прафесію 24 гадзіны ў суткі. Цяпер праходзіць здымачны перыяд. Ён вельмі складаны для рэжысёра, але мне падабаецца працаваць на пляцоўцы. Некаторыя рэжысёры больш любяць мантаж. Аднак я адчуваю, што ў час здымак у мяне больш прасторы для творчасці. Вядома, важнае значэнне мае і музычны рад. Цяпер ідуць перагаворы з кампазітарам, а ў час здымак я стараюся думаць аб тым, дзе будуць музычныя акцэнты, не прапісаныя ў сцэнарыі. Такія моманты творчасці вельмі каштоўныя, і мне падабаецца заражаць гэтай любоўю да творчага працэсу акцёраў, бо тады яны пачынаюць уносіць у стварэнне персанажа шмат свайго», — дадаў рэжысёр.

Ён адзначыў, што сёння вельмі складана знайсці лакацыі для фільмаў пра вайну. «Цяпер мы здымаем на заводзе імя Кірава, які ў кінакарціне стане разбуранай Оршай, але для гэтага, зразумела, давядзецца выкарыстоўваць камп’ютарную графіку. Без яе абысціся нельга, асабліва калі гаварыць пра здымкі на вуліцы», — растлумачыў Іван Паўлаў. Ён таксама звярнуўся да аматараў гісторыі і папрасіў іх не вельмі крытыкаваць фільм, калі яны ўбачаць якія-небудзь гістарычныя неадпаведнасці, бо многае ў фільме заснавана на мастацкай выдумцы і ідэях аўтараў.

Расійскі акцёр Дзмітрый Фрыд добра ведае нямецкую мову і працаваў у Германіі, але ролю нямецкага ўрача-антыфашыста іграе ўпершыню. «Я сыграў дастаткова нямецкіх афіцэраў часоў Другой сусветнай вайны, але гэта роля вельмі адрозніваецца ад папярэдніх і таму стала сапраўдным падарункам. Я палюбіў свайго героя, бо ён сапраўды адважны і пераходзіць на бок святла. З Іванам Паўлавым мне даводзілася працаваць гадоў 10-12 таму, калі я іграў невялікую ролю ў серыяле для расійскага тэлебачання, але мне вельмі прыемна зноў сустрэцца на такім выдатным маштабным праекце. Мне падабаецца працаваць з Іванам Паўлавым, бо ён сам акцёр, таму разумее акцёрскую прафесію. У час работы ты можаш прапанаваць свае ідэі і табе могуць нешта падказаць. Не ва ўсіх праектах аўтары прытрымліваюцца такога прынцыпу. Калі гаварыць пра персанажа, то я заўсёды стараюся падставіць свой жыццёвы вопыт і зрабіць цікавага героя, бо ў кожнага чалавека свая праўда. Напэўна, таму мне і цікавая прафесія акцёра», — расказаў Дзмітрый Фрыд.

Расійскі акцёр Андрэй Сіпін іграе каменданта Оршы па імені Айк. «Па сутнасці, ён тылавы пацук, не ўдзельнічае ў баявых дзеяннях. Я ўпершыню іграю ролю нямецкага афіцэра, хоць даўно хацеў паспрабаваць сябе ў гэтым амплуа. Калі я працую над гэтым вобразам, то не ўношу ў яго асабістую нянавісць. Я адвакат сваёй ролі. Няважна, іграю я немца, паляка або рускага, перш за ўсё гэта чалавек, і я стараюся паказаць яго з розных бакоў», — адзначыў Андрэй Сіпін. На яго думку, самым складаным у рабоце над гэтай роляй была нямецкая мова. «Я пішу свой тэкст у сшытак і вучу яго да дзвюх гадзін ночы, як у школе», — дадаў акцёр.

Нялёгка нямецкая мова даецца і беларускаму акцёру Аляксею Кірмуцю, які выконвае ролю паліцая Місюры. Правобразам гэтага персанажа стаў Рыгор Васюра, што камандаваў спаленнем Хатыні. «Пры рабоце з гэтым вобразам я абапіраўся на тэкставыя першакрыніцы пра жыццё Васюры, але не глядзеў відэа ці фота, каб не спрабаваць яго капіраваць. У мяне няма здольнасці да моў, але я ўжо асвоіў навык, калі думаю на рускай мове, але гавару на нямецкай і, зразумела, спрабую зразумець, што мне хоча сказаць партнёр, які таксама думае на рускай, а гаворыць на нямецкай. Галоўнае, каб нашы дыялогі не выглядалі як завучаныя і адрэпеціраваныя фразы», — расказаў Аляксей Кірмуць.

Паводле слоў Івана Паўлава, здымкі ваенна-гістарычнай драмы павінны закончыцца прыкладна 15 жніўня, а прэм’ера адбудзецца ў канцы года.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»